САР’Я́НСКІ КАСЦЁЛ, Сар’еўскі касцёл,

помнік архітэктуры несапраўднай готыкі ў в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1852—57 (арх. Г.​Шахта) І.​Лапацінскім як родавая пахавальня. З 1865 належаў праваслаўным, у 1989 перададзены католікам. Цагляны, 1-нефавы, прамавугольны ў плане, з 5-граннай апсідай і 2 невял. сакрыстыямі. Кампазіцыя гал. фасада ступеньчатая, 3-часткавая. Цэнтр. частку вылучаюць партал, завершаны вімпергам з разеткай у цэнтры, і 5-гранныя контрфорсы з пінаклямі. Аналагічныя пінаклі і на вуглавых контрфорсах. Пластыку бакавых фасадаў узбагачаюць 2-часткавыя лапаткі, аркатурныя паясы і скразная востразубчатая аркада. Стральчатыя аконныя праёмы аздоблены архівольтамі.

У.​В.​Алісейчык.

Сар’янскі касцёл.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)